Вясенні баль пад мірным небам

Вясенні баль пад мірным небам

У прыгожа аформленую залу ДУА “Сярэдняя школа №8 г.Ваўкавыска” ўварвалася светлая, чароўная музыка лёгкага паланэзу. Менавіта гэтым танцам звычайна пачынаўся свецкі баль мінулых эпох. Прадчуванне прыемнага свята, падрыхтаванага вучнямі 11 класаў разам з класнымі кіраўнікамі Арлоўскай Верай Станіславаўнай і Майсак Таццянай Анатольеўнай, прымусіла прысутных затаіць дыханне. “Ах, гэты баль! Цудоўны баль! Гасцей мы шчыра запрашаем!” – такімі словамі, поўнымі высокіх эмоцый , пачалі Вясенні баль пад мірным небам вядучыя мерапрыемства. І загучалі ўзнёслыя вершы, якія заварожвалі гасцей. Гісторыя сведчыць, што традыцыйна  адкрывалі такі  неверагодна прыгожы   баль  гаспадар і гаспадыня дома. Такое права было прадастаўлена дырэктару  школы Булай Галіне Аляксандраўне. Пасля цёплага прывітання яна адзначыла, што вельмі рада сустрэчы і пажадала ўсім прыемнага вечара. І закружыла музыка танца прыгожых дам і галантных кавалераў. Паланэз, вальс, кадрыля… Такія папулярныя некалькі стагоддзяў таму і такія актуальныя сёння. І такія непаўторныя. Трэба было бачыць погляды партнёраў па танцы. О,  гэтыя погляды, поўныя таямнічасці! А ўсяму віной ВЯСНА.  Як адзначылі вядучыя ( а баль адбыўся 1 сакавіка), пачне раставаць не толькі снег, але і холад у сэрцах людзей. І выказалі меркаванне, што калі на зямлі існуе казка, то яна абавязкова здараецца вясной. Вядучыя пажадалі гасцям, якія пераступілі парог гэтай залы , адчуць сябе героем сённяшняй казкі. А казачным быў сам баль. Грацыёзныя рамантычныя галавакружныя танцы літаральна захапілі прыгажосцю выканання. З гонарам і з заміраннем сэрца глядзелі на сваіх дзяцей бацькі адзінаццацікласнікаў, настаўнікі школы, іншыя госці. Не абышлося і без песень. Гучалі  “Вторая весна”, “ Не даром мы зовёмся белорусы”, “Любимую не отдают”.  У выкананні вучняў 11 класа пачулі пранікнёны верш Уладзіміра Караткевіча “Край мой, беларускі край!” Як на сапраўдных балях,  гучала фартэпіянная музыка ў выкананні адзінаццацікласніцы Ярэміч Ангеліны. Ні адзін баль не абыходзіўся без гульняў: прэферанс, фараон, штос, лато. І, вядома, фанты. Дарэчы, гэту гульню разыгралі з прысутнымі. А публіка з радасцю адгукнулася на прапанову згуляць. Ганарова падносіўся цыліндр, у якім былі запіскі з заданнямі. Ведаючы, што публіцы можа спадабацца такі падыход, арганізатары балю прадумалі танцы і для гасцей. Арганізавалі флешмоб пад песню “Мая Беларусь” і пад папулярныя песні 90-ых гадоў. Мерапрыемства выйшла за рамкі свята. Яно стала сапраўдным казачным балем, падобным да тых, якія ладзіліся ў мінулыя эпохі. І хочацца верыць, што такі баль абавязкова стане прыгожай традыцыяй.
Прокрутить вверх
Мы используем cookie-файлы для наилучшего представления нашего сайта. Продолжая использовать этот сайт, вы соглашаетесь с использованием cookie-файлов.
Принять