Падчас Ражаства людзі не толькі вераць у цуды, але і самі стараюцца ствараць іх для іншых.
Такім святочным падарункам-цудам парадавалі вучні 10 класаў. Яны здолелі вярнуць школьную традыцыю святкаваня Ражаства. У іх атрымалася цудоўная тэатралізаваная пастаноўка. На сцэне ажыла калядная казка. З заміраннем сэрца гледачы чакалі раскрыцця таямніцы нараджэння Хрыста. Уважліва сочачы за падзеямі, як быццам пагружаліся ў далёкае мінулае, звязанае са з’яўленнем на свет маленькага Іісуса. Кранальныя мелодыі калядных песень усхвалявалі літаральна ўсе струны душы кожнага гледача.
Творчая група вучняў (удзел прынялі ўсе дзесяцікласнікі без выключэння) разам з класнымі кіраўнікамі стварылі непаўторную атмасферу каляднага свята, якое заўсёды прасякнута цяплом сустрэч, дабрынёй і шчырасцю сэрцаў, жаданнем дарыць радасць адзін аднаму.
Прыгожыя каларытныя касцюмы акцёраў, яркія дэкарацыі і такая зразумелая родная мова заварожвалі гледачоў.
Апладысменты сталі ўзнагародай акцёрскай групе.
Гэта была толькі прэм’ера для бацькоў, педагагічнага калектыва, вучняў пачатковых класаў. А далей – гастролі…