У вясны жанчыны голас
Сакавік – гэта не толькі месяц вясновага абуджэння прыроды, але і пара аднаўлення чалавечай душы. І асацыіруецца ён перш за ўсё са святам жанчын. Сёлета гэтае свята набывае асаблівае значэнне. Бягучы год у Беларусі аб’яўлены Годам беларускай жанчыны.
Будучыя выпускнікі ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Ваўкавыска” свой традыцыйны вясновы баль “Вечар у кругу сяброў” прысвяцілі той, хто дорыць жыццё і нясе ў свет гармонію і прыгажосць, – жанчыне, маці. Аб гэтым у пачатку мерапрыемства аб’явіла дырэктар школы Булай Галіна Аляксандраўна.
Святочны баль аб’яднаў у цёплай урачыстай атмасферы педагогаў, вучняў і іх бацькоў 7 сакавіка, якраз напярэдадні Міжнароднага жаночага дня. Распачаўся баль паланезам, сімвалам вернасці традыцыям і расстання з дзяцінствам будучых выпускнікоў. Закружыла вясна пары юнакоў і дзяўчат і ў вальсе, і ў беларускай польцы. Канцэртныя нумары змяняліся адзін адным, і, здавалася, завіравала ў зале само жыццё.
Тэматыка песень таксама была вясенняя: маладосць, каханне, радасць жыцця пад мірным небам.
Самыя шчырыя пажаданні прагучалі і з вуснаў бацькоў, што выказвалі падтрымку сваім дзецям і гонар за іх.
Разынкай вечара стала выступленне школьнага ансамбля, песні якога гучалі пад акампанемент музычных інструментаў. Гукі жывой музыкі паклікалі ў танец, і ўсе прысутныя паддаліся гэтаму неадольнаму жаданню.
“Вечар у кругу сяброў” падарыў усім удзельнікам самыя яркія эмоцыі і атмасферу сапраўднага сяброўства. А вясна – вобраз-сімвал прыгожай паловы чалавецтва – загучала яе голасам.


