Лета — цудоўная пара для адпачынку і падарожжаў. І хаця яно яшчэ не пачалося, для вучняў выпускных класаў апошні званок ужо адзвінеў. Каб зрабіць невялікі перапынак у падрыхтоўцы да экзаменаў і правесці час з карысцю, юнакі і дзяўчаты 9-ых класаў ДУА «Сярэдняя школа 8 г. Ваўкавыска» адправіліся ў падарожжа «Шляхам Якуба Коласа». Вучні наведалі музеі ў Акінчыцах і Смольні. З аповедаў экскурсавода яны больш дакладна пазнаёміліся з жыццёвым шляхам творцы-класіка, даведаліся пра некаторыя цікавыя факты з яго біяграфіі, акунуліся ў дзіцячыя гады вялікага суайчынніка. Сціплая хатка, свіран, калодзеж-журавель, калыска, у якой, магчыма, гадаваўся будучы пісьменнік, стол, засланы святочным абрусам, гаспадарчыя прылады — усё гэта выклікала шэраг пазітыўных эмоцый і жаданне перачытаць аўтабіяграфічную паэму Якуба Коласа «Новая зямля».